Sziget 2024. Day 5 Review. Ну хоць пранцы няма.

Пяты дзень Sziget 2024 запомніўся ўсім дзякуючы незабыўнаму выступу Сэма Сміта. Але першым на галоўнай сцэне быў спявак і аўтар песень з Глазга Joesef. Пісаць якой песняй адкрыў/закрыў/працягнуў – не цікава, бо гэта сінці-поп з меланхалічнымі тэкстамі.

Becky Hill як звычайна ўжо для Sziget найболей вядомая сваімі калабарацыямі з некаторымі з найбуйных сусветных дыджэйскіх калектываў, уключаючы Lose Control з MEDUZA і Crazy What Love Can Do і Remember з Дэвідам Геттай, так – гэта тэндэнцыі сусветнага поп сусвету. Заўсёды ўзнікае пытанне, як такія песні будуць гучаць ужывую без гэтых вядомых дыджэяў, Бэкі Хіл, на здзіўленне, надала вядомым хітам новы паварот са сваім гуртом, да яе на сцэне далучыліся духавыя і струнныя секцыі і бэк-вакалісты. Спявачка была кранутая рэакцыяй публікі на яе выступ і заявіла, што Sziget абагнаў Boardmasters у яе топе любімых фестываляў. А вы былі на Boardmasters? Калчаног — не.

Калі Вы выраслі ў 2000-х, Вы, верагодна, знаёмыя з Editors. Гурт усё яшчэ грае тыя хітовыя песні ў 2024 годзе, з аднаго боку — няма нічога дрэннага, з другога — а дзе новыя хіты, дзе рух, не кажу пра прагрэс і развіццё, але хіба яны ўжо статусныя пенсіянеры? Добра, было не толькі старое, нажаль, новы матэрыял, асабліва канцэртны, не суцэль адпавядаў ужо апрабаванаму і здаваўся даволі выпадковым. Іх гучанне практычна не змянілася за дваццаць гадоў, што робіць Editors крыху анахранізмам у сучасным музычным свеце. Магчыма таму, яны заставаліся значна папулярнейшымі ў кантынентальнай Еўропе, асабліва ў Цэнтральнай і Ўсходняй, чым у Ангельшчыне.

Чаму Fontaines DC выступаюць на сцэне Revolut?, маглі б лёгка граць на галоўнай. Але вы зразумееце чаму не. Ірландскія псеўда-панкі выступалі перад крыху меншай аўдыторыяй, чым Сэм Сміт, але іх энергія была гэтак жа інтэнсіўнай і глыбока ацэненай. Не мела значэння, ці былі папулярныя песні, такія як I Love You і Jackie Down The Line, ці менш вядомыя для мяне трэкі, гэта была жывая вечарына.

Жанель Манэ бліскуча аб’яднала фанк, соўл, R&B і хіп-хоп ва ўнікальнае зараз, але ў прынцыпе, не дзіўнае для дзядкоў, шоу, якое адрознівалася крэатыўнай харэаграфіяй. Не схаваю, было поўна энергіі, энтузіязму і, што самае галоўнае, волі. Ух, гэта вы яшчэ свабоды не бачылі — магчыма, пярэчыў нехта за кулісамі. Жанель вымавіла тост з куфлямі шампанскага: «За жыцці, якія мы вядзем, за мары, якія мы прымаем, за моманты, якія мы ствараем, і за лайно, якое мы не можам сцерці. Выдатны тост я лічу. Яна танчыць на сцэне з пачуццёвай самааддачай, залішнія маналогі ўсяляюць надзею ў кагосьці на тое, што змены магчымы. Спявачка гаварыла аб канфліктах у Палестыне, Судане і неабходнасці вызвалення квір-супольнасці. Згодны, што папулярныя людзі павінны карыстацца момантам і прагаворваць свае перакананні. Але чаму зараз гэтага так шмат. Магчыма Sziget яшчэ і Выспа Волі слова.

Напішу тут модна — ЯНЫ. Дык вось, у пачатку сэта яны віталі публіку і заявілі: «Гэтае шоў пра свабоду». «Я хацеў прыехаць сюды з таго часу, як быў маленькім дзіцем», — сказалі яны перад тым, як граць свой першы нумар. Сміт змяніўся — небінарны артыст ператварыўся ў экспрэсіўнага выканаўцу, які дазваляе сваім эмоцыям вольна ісці скрозь слёзы. Sam Smith напэўна пачаў з хітоў, паступова пераходзячы да больш драматычных Lose You і Promises, апранаючыся ў экстравагантную чорную сукенку. Атмасфера на сцэне істотна змянілася, танцоры ў латэксе выконвалі смелыя нумары, некаторыя нават цалаваліся, нішто з гэтага не здзівіла мяне, але для сярэднестатыстычнага вугоршца, верагодна, стала адкрыццём, наколькі Сміт змяніўся за гэтыя гады. Цяпер іх шоу не проста мілыя і далікатныя, зараз яны смелыя і правакацыйныя. У краіне, дзе правы ЛГБТК з’яўляюцца спрэчным пытаннем, выступ Сэма зрабіў моцную заяву. Брытанскі артыст не расчараваў у Будапешце. Ад убораў да харэаграфіі — усё было выканана ідэальна, і не патрэбна была свабода слова. “Ну вы разумееце пра што я? Каб на гэтым не заканчваць, напішу яшчэ сказ. Вось якраз успомнілася: “Як Марцін Гарыкс можа змяніць тваё жыццё?”, — прамармытаў я фанату Гарыкса, які ўсё зразумеў і іранічна плакаў пад Сэма Сміта.

Дзянic Леснiк

Таксама чытайце:

Sziget 2023 — дзень другі
Sziget 2024. Day 6 Review.
Sziget 2024. Day 1 Review.
Sziget 2024. Day 2 Review.
Sziget 2024. Day 3 Review.
Sziget 2024. Day 4 Review.