Як я даехаў на Hellfest 2023

Прастаяўшы на беларуска-польскай мяжы 18 гадзін, Калчаног ужо не баяўся нічога. Тым больш гэты часавы гандыкап ён закладваў у сваё падарожжа загадзя. Больш ніякіх непрыемнасцяў яго не чакала. Чатыры дні ён перамагаў спякоту, смагу, трываў дождж, кайфаваў, а па вяртанні дадому адразу ж пачаў сумаваць аб тым, што ўсё скончылася. Такія мерапрыемствы можна параўнаць з летнім лагерам, толькі для дарослых і ў маім летнім лагеры былі Джоні Дэп, Эліс Купер, Mötley Crüe, Slipknot, Kiss, Def Leppard, Pantera, Sum 41 і многія іншыя. Вялікі дзякуй рабятам з Hellfest Production, якія акрэдытавалі мяне, як самага дарагога госця на іх свята жыцця.

4 дні экстрэмальнай музыкі праходзіць у невялікім горадзе Клісан за 370 кіламетраў ад Парыжа: там жыве крыху менш за сем тысяч чалавек. Мясцовыя даўно абвыклі, што раз у год іх наваколлі запаўняюць велізарныя натоўпы выдатных людзей, усё адбываецца амаль у межах гэтага населенага пункта на велізарнай абгароджанай тэрыторыі.

Але пра ўсё па парадку. Самалётам (асабліва ў Еўропе) мяжы не перашкода і з Варшавы я лячу ў сталіцу, дзе не гляджу ні на Эйфелеву вежу, ні на Елісейскія палі, ні на Манмартр, ні на Мулен Руж і нават, ні на Мону Лізу ў Луўры. А з Парыжа ў Нант я дабіраюся на лоўкостэр-цягніку Ouigo, пра кошты напэўна пісаць не буду — усё даступна, хоць, не — напішу (раптам цікава) — 20 €. А ляцеў я, дарэчы па багатаму на Air France, а пасля начаваў у гасцініцы ў аэрапорта імя Шарля Дэ Голя (але ў дадзеным выпадку думаю, тут кошт паказваць не буду). Кожны дзень з вакзала Нанта сыходзяць электрычкі да Клісана з інтэрваламі каля 30 хвілін, ехаць прыкладна таксама паўгадзіны, білет туды-назад каштуе 11 €, раю адразу купляць і зваротны білет: у панядзелак пасля фестывалю будзе ўжо не да гэтага.
Ад вакзалу Клісана ёсць шатлы да фестывалю. Ехаць хвілін 15 і 3 €, але давядзецца пастаяць у чарзе, калі вы не шалёны інвалід з Мінска — праўда, нядоўга. Раніцай у панядзелак, калі ўсё скончыцца, тых, хто выжыў, забіраюць гэтыя ж маршруткі і вязуць назад на вакзал, але інтэрвалы паміж імі пабольш. З вакзала да тэрыторыі можна дабрацца і пешшу, але гэта па спякоце і няроўным рэльефе. Дарэчы, калі ляцець адразу ў Нант, то з тамтэйшага аэрапорта таксама можна з’ехаць на маршрутцы прама да ўваходу на Hellfest.

Калі вы плануеце прыехаць на машыне, то вам трэба ведаць, што ёсць дзве афіцыйныя паркоўкі, даступныя для наведвальнікаў фестывалю бескаштоўна:
Hellfest Ouest: (для аўтамабіляў, якія прыбываюць з Нанта, Анжэ, Парыжа).
Пасля паркоўкі доступ на фестываль ажыццяўляецца з дапамогай бескаштоўных афіцыйных шатлаў, яны iдуць 24 гадзіны ў суткі 7 дзён у тыдзень. Паездка паміж фестывалем і паркоўкай займае 5 хвілін з серады 14 чэрвеня ў 8 раніцы да панядзелка 19 чэрвеня ў 12 дня.
Акрамя таго, ад паркоўкі да фестывалю вядзе бяспечны пешаходны праход з указальнікамі.
Hellfest Est: (для аўтамабіляў, якія прыбываюць з Шоле, Бардо, Тулузы і г.д…)
Пасля таго, як вы прыпаркаваліся, да фестывалю можна дабрацца толькі пешшу. Выдаткуйце на гэта каля 15 хвілін.

Тэрыторыя дзеліцца на чатыры часткі:
Camping.
Infield — поле, на якім стаяць сцэны.
Corner — зона з ежай, алкаголем і арганізатарскімі кропкамі, медпунктам і гэтак далей.
Hellcity – плошча з тату-салонам, фірмовымi крамамi Dr. Martens, Gibson і яшчэ з дзясятак устаноў.
Асобна аб тым, чаму варта прыехаць у нулявы дзень. Гурты ў гэты дзень яшчэ не граюць, але ўваход на тэрыторыю ўжо адкрыты і ёсць час нармальна размясціцца.

І вось на руку апранаюць бранзалет з чыпам: Cashless — пропуск да сцэн і, па сутнасці, віртуальная карта. Адзіная магчымасць аплачваць усякае, бо вашу карту і наяўныя грошы на фестывалі не прымуць, трэба закінуць грошай на рахунак: можна зрабіць гэта ў спецыяльным кіёску. Калі ёсць еўрапейская карта, можна прывязаць яе да афіцыйнага дадатка Hellfest, а затым папаўняць і выводзіць рэшту праз яго.
Як толькі бранзалет зашпілены, лепш паспяшацца ў намётавы лагер (хвілін 7 пешшу), каб паспець стрэльнуць па традыцыі піўка і агледзецца.
Кемпінг дзеліцца на некалькі частак па колерах, адрозніваюцца яны толькі размяшчэннем. Белы і чырвоны ўчасткі зручней за ўсё: першы бліжэй да дарогі на канцэртную зону, другі — да выхаду, там зручна ўладкавацца, калі плануеце часта выходзіць за тэрыторыю, напрыклад у супермаркет E.Leclerc, або McDonalds (15 хвілін пешшу). У астатнім асаблівай розніцы няма.

Акрамя звычайнага лагера яшчэ ёсць Easy Camp: абгароджаная тэрыторыя з намётамі літаральна з кардона, лайна і палак каштуе каля 300 €.
Доступ у душ вам спатрэбіцца, але яго таксама трэба арганізаваць: звярнуцца ў той жа кіёск, заплаціць 6 € перапрашыць чып у бранзалеце. Гэта разавы плацёж, пасля яго ў душы можна сядзець хоць кругласутачна.

Такім душавым ёсць бескаштоўная альтэрнатыва: яна знаходзіцца за тэрыторыяй лагера і фармальна да фэсту не адносіцца. Чэргі там таксама ёсць, але ў разы менш, а сцен запэцканых прадуктамі жыццядзейнасці прапарцыйна больш. Зрэшты, справа гаспадарчая — калі прыпрэ, сходзіш і туды.
На фестывалі велізарны фуд-корт, па перыметры стаяць палаткі з кухняй на любы густ, у тым ліку нацыянальнай — французскай, італьянскай, кітайскай, нямецкай і гэтак далей. Калчаног, ведаючы пра тое, што непрададзеную ежу ноччу проста выкідаюць, як заўсёды карыстаецца опцыяй халявы і пасля канцэртаў страляе сабе паесці ў неабмежаваных колькасцях (раклетныя багеты і гамбургеры з мясцовым сырам le curé nantais, пікантныя галеты з аргентынскім барбекю з каўбасой і стейкам і нават бутэлечку мясцовага брэндаванага рэгіянальнага мушката з лобстарам).

У намётавым лагеры можна піць што заўгодна, набытае дзе заўгодна ў якой заўгодна тары. Прасцей за ўсё купляць алкаголь у магазіне вялікімі партыямі. А вось перш чым патрапіць да сцэн Hellfest, вам неабходна разабрацца са сваімі рэчамі, бо шэраг прадметаў забаронены на канцэртнай пляцоўцы, уключаючы барбекю, металічныя слоікі, аб’ёмныя торбы больш 10 літраў, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, кемпінгавыя і надзіманыя крэслы, чортавы палкі для selfie і алкаголь.
Каб законна піць піва на тэрыторыі, трэба купіць пластыкавую шклянку. Шклянкі брэндаваныя: ёсць аб’ём 0,33 л, 0,5 ці двухлітровыя збаны. Каштуюць 1,2 €, потым можна забраць з сабой на памяць. На тэрыторыі прадаюць халодны Kronenbourg — 7 € за шклянку.

Ёсць цалкам легітымны спосаб не пераплачваць на інфілдзе: перад выхадам з лагера наліваць у шклянку свой крэпкач.
Да інфраструктуры фестывалю ў мяне пытанняў няма. Па ўсёй тэрыторыі, акрамя лагера, устаноўлены вайфай-кропкі, разеткі. На плошчы хеллсіці ёсць два вялізныя шатры-маркеты, у якіх прадаюць мерч, вініл і астатнія спадарожныя тавары, праўда прадаўцы не прымаюць кэшлес: толькі наяўныя, або банкаўскія карты. The Sanctuary, новая прастора для мерчандайзінгу, апісанае як «найбуйнейшая ў Еўропе поп-ап крама».

На фестывалі шэсць сцэн. На двух галоўных — хэдлайнеры. Чатыры малыя падзеленыя ў залежнасці ад таго, што там гучыць:
Valley — сладж, стонер і падобнае.
Temple — пераважна блэк-метал.
Altar – дэт-метал і астатнія паджанры.
Warzone — панк і хардкор.
Першыя гурты пачынаюць у 10-11 раніцы, апошнія заканчваюць у 2-3 ночы.
Да гуку на Hellfest у мяне няма прэтэнзій, як і да пылу (у роце, у носе, у вачах) і надвор’я (жара і ліўні), да ўсяго прызвычаiўся.
Хадзіць давядзецца шмат — тэрыторыя вялізная. Зручны абутак — гэта самае неабходнае на любым фестывалі.

Паслугі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: прыярытэт праходы, паркоўкі, доступ да экстранай дапамогі і мабільнасці.
Асобны кемпінг
Платформы перад кожнай сцэнай з пунктам падзарадкі для інвалідных вазкоў у гадзіны фестывалю.

Дзянic Леснiк

Таксама чытайце:

Hellfest 2023. Дзень першы. Чацвер 15 чэрвеня.
Hellfest 2023. Дзень другі. Пятніца 16 чэрвеня.
Hellfest 2023. Дзень трэці. Субота 17 чэрвеня.