Хлопец, які падае надзеі

Солтберн — гэта выдатны прыклад вонкава разумнага і глыбока дурнога сатырычнага псіхатрылера. Прадстаўце, вы, культурна не спяшаючыся з’елі свой пірог, елі з нажом у правай руцэ і відэльчыкам — у левай, а затым паўтары гадзіны пэцкалі талерку на ўсякі выпадак. Ой, давайце лепш пра кіно, можа метафара расчыніцца. Мяркуецца, што дзеянне (галоўным чынам) адбываецца ў 2006 годзе, але паводзіць сябе так, нібыта цяпер 1932. Усё пачынаецца з даволі інтрыгуючай перадумовы. Аднойчы па дарозе на заняткі ў Оксфардзе ў Фелікса (Джэйкаб Элардзі) спусціла кола, і Олівер Квік (Бары Кеаган) прапануе свой наўзамен. Далей сюжэт таксама просты — удзячны Фелікс імгненна становіцца сябрам Олівера. Паколькі ў новага прыяцеля бацька памёр, а маці знаходзіцца на рэабілітацыі, Фелікс запрашае яго на вакацыі ў свой сямейны асабняк з бацькамі, сэрам Джэймсам Кэтанам (Рычард Э. Грант) і Элсбет (Разамунд Пайк, як сумна, што яна ўжо грае мам) і малодшай сястрой Венецыяй (Элісан Олівер). Так хлопец атрымлівае шанц правесці незабыўнае лета ў радавым маёнтку. І тут у пакой увайшоў паручнік Ржэўскі і пачалася распуста. Што тут адбываецца? Хто каго маштабуе? Калі Олівер абгрунтоўваецца ў Солтберне, знаходзіць смеласць і шчаслівы гуляць у таго, кім ён нібыта не з’яўляецца, адчувае смак добрага жыцця… па-сапраўднаму добрага жыцця, становіцца каханым праектам маці Элсбет (якая вырашае зладзіць яму вечарынку з нагоды дня нараджэння), становіцца сябрам для сястры, становіцца бліжэй да Фелікса… амаль занадта блізка… як закаханы сталкер. Як гаворыцца, некаторыя рэчы занадта добрыя, каб быць праўдай, але ці занадта гэта добра для Олівера ці Фелікса?

Звычайна ў такіх фільмах аўтары падкрэсліваюць узаемную мазахісцкую сувязь паміж гаспадаром і слугой, а каб выжыць у гэтым свеце героі выкарыстоўваюць прыёмы класічных твораў, тыпу: «Таленавіты містэр Рыплі» Патрыцыі Хайсміт ці «Вяртанне ў Брайдсхед» Іўліна Во. Мне падабаюцца змрочныя гісторыі, якія даследуюць цёмныя куткі чалавецтва, але тое, што тут дэманструецца, лепш было б ахарактарызаваць як форму пустэчы. Сцэнарыст і рэжысёр Эмеральд Феннел, магчыма, думала, што стварае дзёрзкі, рэзкі партрэт пустых людзей, але ў выніку яна стварыла пустэчу, стварыла правакацыю, якая не можа нікога справакаваць, не складную гісторыю з неабгрунтаванай прэтэнзіяй на арыгінальнасць, спробай эпатаваць гледачоў. Не схаваю, было цікава даглядзець гэтыя дзве гадзіны кухонных інтрыг. Я ведаю, што гучу як ханжа (хоць лічу, што Пазаліні таксама бывае дарэчны), але ёсць некаторыя рэчы, якія кіноснобы назавуць «смелымі», а я кажу — яны адштурхваюць: вылізванні брудных ваннаў, крывацечных пахвінаў, савання чэлеса ва ўсё запар (уключаючы матулю зямлю), усё гэта і ўсё гэта дзеля пяціхвіліннага твіста пад Сафі Эліс Бэкстар у канцы?

Эксцэнтрычныя арыстакраты, нясуць цяжкі цяжар багатага чалавека, нібы ў форме філантрапіі, пускаюць людзей у свой заапарк і робяць гэтых гадаванцаў аб’ектамі кантакту. Ах, які ж малайчына галоўны герой, плюе на любую мараль, абы заняць месца сярод небажыхароў. Олівер Квік не проста еў і даваў сябе пакратаць, ён яшчэ і ўсіх загрыз, яго брудны рот запэцканы не толькі хлуснёй, але і вадой з ванны, якую ён лакае пасля купання Фелікса, менструальнай крывёй, якую ён быццам лепрыкон пажыраючы кетчуп, адчувае на смак паміж сцёгнамі сястры.

Далоў буржуяў, хоць і не пралетар хлопец (як высвятляецца ў другой палове фільма). А што ты будзеш рабіць далей, без гаспадара? Мусіць, чакаць таго, каго такім жа чынам запрасіць да сябе пагасціць, чакаць свайго Олівера Квіка.

Ніхто з асноўных персанажаў не выклікае сімпатыю, а другарадныя знікаюць з такой нязначнай помпай, быццам яны былі проста выкраслены, каб пазбегнуць яшчэ аднаго дня здымак.

Матывы Олівера туманныя і непераканаўчыя і калі Солтберн задуманы як каментар да зараджэння вуайерызму ў эпоху Instagram — свету, які праводзіць увесь дзень, гледзячы ў садовыя вокны сваіх самых гламурных суседзяў, — гэты ракурс становіцца ў фокусе, толькі калі вы прыжмурыцеся. Разуменне класавай дынамікі Солтбернам таксама здаецца пустым і расчаравальным, як быццам усё, што бедныя могуць калі-небудзь зрабіць, — гэта дбайна імкнуцца стаць такімі ж багатымі — вяршыня харчовага ланцуга.

Можа сэнс у тым, што эліта дурная, бясталентная, псіхічна дэфармаваная і адарваная ад жыцця, але тыя, хто ідзе ёй на змену, яшчэ гажэй.

Рэжысёр і сцэнарыст занадта часта памыляецца, няправільна разумеючы пабудову персанажаў і няправільна ацэньваючы інтэлект аўдыторыі, якая разбіраецца ў дэвіянтных дзеяннях яе антыгероя. Мінулы раз за сваю Дзяўчыну, якая падае надзеі, Эміральд Феннел атрымала прэміі Оскар і Бафт за лепшы сцэнар. Наогул не здзіўлюся, калі яна атрымае супастаўныя прэміі і за гэты фільм — калі ў мінулы раз дагадзіла ўсім мужананавісніцам і феміністкам, то зараз дагадзіла хвалі бязлітаснай крытыкі ў адрас разбэшчаных багацеяў.

Ленін бы адобрыў.

Дзянic Леснiк

Таксама чытайце:

«Герой нашых сноў» («Dream Scenario»)
«Усе жахі Бо»
Вавілон