Развучыўся рабіць тое, што ніколі не вумеў

Madonna — Veronica Electronica
Рэмікс альбома Мадоны 1998 года Ray Of Light першапачаткова планаваўся як спадарожны рэліз, але быў адкладзены з-за поспеху арыгінальнага LP. Veronica Electronica можа апынуцца некалькі расчаравальным, калі чакаць чагосьці вартага: незалежна ад таго, наколькі добрая гэтая падборка, тут усяго сем рэміксаў і ўсяго адна дэма-версія новай песні, якой не было на Ray of Light. Аднак для больш паблажлівых заўзятараў — гэта захапляльны погляд у эпоху, які прапануе больш насычаныя трансавыя інтэрпрэтацыі некаторых любімых трэкаў. Як і любы альбом рэміксаў — ён саступае арыгіналу. Вось адна з найбуйных сусветных зорак, у росквіце сіл, кідае ўсё запар у сцяну, каб паглядзець, што прыліпне. Так, тады Луіза была на піку свайго майстэрства. Цяпер скрозь прызму часу, Veronica Electronica не дадае шматлікага да і без таго выдатнай эпосе, да якой яна прыналежыць, але, безумоўна, служыць напамінам аб тым, што трэба даць арыгіналу яшчэ адзін глыток паветра. Гэты альбом не пра перапісванне гісторыі, а пра завяршэнне прапановы, якая вісела ў паветры 25 гадоў.

Wet Leg — moisturizer
Што трэба, каб прыцягнуць увагу ў нашы дні, у час, перапоўнены бясконцымі патокамі музыкі, малюнкаў і кантэнту ўсіх відаў? Праект выпускае новы альбом, і сярэднестатыстычны слухач трапляе на першую кампазіцыю — калі яна не захоплівае імгненна, то ўсё. Несправядліва? Так. Рэалістычна? Таксама так. Wet Leg — moisturizer зачапіў. Пікантны, дзёрзкі і сэксуальны, увасабляе вытанчаную жаноцкасць. Саўндтрэк да абдымкаў ад каханых людзей і правядзенню з імі лайдачнага дня. Не абцяжараныя складаным прадакшэнам Weg Leg, гучаць як сапраўдны жывы рок-гурт, які грае ў адным памяшканні — рэдкая з’ява ў сучаснай поп-музыцы і культуры.

Demeted — Rituals
Металкор-гурт Demeted схіляецца да змрочнага, агрэсіўнага гучання, дзе зруйнавальны цяжар сустракаецца з ценявой гранню, якая сыходзіць каранямі ў польскі фальклор. Трэк The Basilisk, напрыклад, пераасэнсоўвае легенду пра пачвару, якая, як кажуць, жыве ў катакомбах Варшавы, ператвараючы ў камень усіх, хто перасякае яго шлях. Гурт закранае дваістасць гэтай істоты: магутная і недатыкальная, але ў той жа час ізаляваная і журботная. Гэта становіцца разважаннем аб чалавечай прыродзе, аб тым, як улада, будучы магутнай, можа таксама прыводзіць да адзіноты. Гэта належны цэнтральны элемент для рэлізу, які звяртаецца да міфаў з забабонамі і адначасова кажа аб завершанасці і імкненні да чагосьці большага, а яшчэ і прасоўваецца наперад у бок цяжэйшага і змрочнага гучання. У музычным плане: хаатычны, інтэнсіўны альбом, створаны для ямы, які накіроўвае сырую энергію ў вар’яцтва рыфаў і лютасьці з трэшавым націскам і крыклівым вакалам, пазней саступаючы месца дакучлівым меладычным лініям.

DJ Haram — Beside Myself
Альбом у якім DJ Haram дзякуючы супрацоўніцтву з мноствам суаўтараў, выказвае сваю неўтаймаваную, непахісную энергію, уключае ў сябе прасэмпліраваныя ўсходнія мелодыі, рэп, жывыя інструментальныя партыі і разнастайныя рытмы, мармытанні і крыкі — гэта бязладны гук радыкальнай свабоды, якая, магчыма, не зменіць наш тонучы свет, але можа вызваліць гатовы да гэтага розум, ствараючы свайго роду аўдыядакументальны фільм.

Feary Tales — Vento Divino
Сумесь усяго родам з Турына, Італія, Feary Tales граюць ад традыцыйнага хэві-метала, меладычнага дэт-метала да сучаснага прагрэсіўнага і экстрэмальнага металу. Ёсць гроул, але вакал у асноўным чысты і вар’іруецца вакол сярэдняга канца вакальнага дыяпазону з выразнымі танальнымі зрухамі ў абодвух напрамках. Часам у трэках было занадта шмат розных стыляў, а мелодыі паўтараліся, таму я адчуваў сябе крыху разгубленым, усё згладзіў адзін плюс — большасць трэкаў альбома выкананы на італійскай мове.

Bush — I Beat Loneliness
Паняцце поп-гранж само па сабе гучыць як лайно, так, тут поп-гранж і ён гучыць так як і паняцце. Руцінны характар I Beat Loneliness скочваецца ў даволі шаблонную і якая паўтараецца вобласць — інтэнсіўнасць тлее ў кожнай ноце і рыфе.

Linx — Annihilation
Гурт Linx з Манрэаля лічыцца ўзыходзячай зоркай на канадскай рок-сцэне. Дуэт у стылі індастрыял-рок з экспансіўнай паэзіяй, сфарміраваны ўніверсальнай вакалісткай, гітарысткай, басісткай і клавішніцай, да якой далучыўся барабаншчык, клавішнік і праграміст. Іх музыку можна апісаць як грувавую, цяжкую, меланхалічную, паэтычную і электрызуючую, якая спалучае ў сабе арыгінальнасць, уплыў металу, прагрэсіву, індастрыялу, культурных саўндтрэкаў. Linx ужо заваявалі адданую фан-базу дзякуючы сваёй неўтаймаванай харызме і гіпнатычнаму сцэнічнаму абліччу. Я вызначана бачу прывабнасць і ажыятаж вакол гэтага рэлізу, і для мяне гэта быў вельмі сучасны і свежы досвед праслухоўвання, які вы або пакахаеце, або зненавідзіце.

Slikback — Attrition
Прадзюсар умела выкарыстоўвае прастору і цішыню, драматычныя паўзы захопліваюць увагу слухача, а калі ён цалкам аддаецца інтэнсіўным рытмічным малюнкам і скажэнням эксперыментальнай электронікі, уздзеянне дасягае максімуму.

Mutant Sex Demon — Cutting Through
Mutant Sex Demon звялі трэкі, выкарыстоўваючы брудны і арганічны падыход да гучання, бо шум і мелодыі маюць пэўны ўзровень яснасці і выразнасці, дазваляючы зразумець, што выяўлена ў іх. І афармленне рэлізу сапраўды цудоўнае і іранічнае. Альбом уяўляе сабой форму скрыжавання метал-панку, нешта ў духу Motörhead у іх раннія дні, з олдскульным блэк-металам, дэманструючы вялікі патэнцыял для ўвасаблення ў музыцы ў будучыні.

Luke Haines & Peter Buck — Going Down To The River… Blow My Mind
Peter Buck з R.E.M. разгортвае свой рэпертуар, які складаецца з цяжкіх 12-струнных джэнглаў, размашыстых глэм-рыфаў, псіхадэлічных фразіровак і нервовага фідбэка, больш нічога сказаць не магу, асабліва пра Luke Haines.

Putridity — Morbid Ataraxia
Для сябе адкрыў, што італьянскія школы экстрэмальнага металу заўсёды ставяць перад слухачамі вельмі цікавыя імёны, што сведчыць аб тым, што гурты не абапіраюцца на старыя ўзоры, а імкнуцца пашырыць межы і пачаць свой уласны шлях. Шчыра кажучы, большая частка выканаўцаў брутальнага дэт-метала проста капіруе ўжо створанае, таму для ўсіх гэта сумны досвед. Але, звярніце ўвагу на тое, што прапануе італьянскі гурт Putridity на сваім чацвёртым альбоме Morbid Ataraxia.

Indigo De Souza — Precipice
Яна выкарыстоўвае поп-традыцыі, захоўваючы пры гэтым аранжыроўкі і музычнасць досыць дзіўнымі, досыць паветранымі, але змякчэнне вастрыні яе інды-рок гучання і, у канчатковым рахунку, песень, не ідзе на карысць іх эмацыйнаму ціску, нават калі — ці хутчэй таму, што — гэта робіць іх лягчэйшымі для ўспрымання.

Heretoir — Solastalgia
Філасофскую канцэпцыю Solastalgia лепш за ўсё можна апісаць як форму эмацыйнага або экзістэнцыйнага стрэсу, выкліканага негатыўна ўспрыманымі зменамі навакольнага асяроддзя. Нямецкія выканаўцы імклівага пост-метала дабіраюцца да самай глыбіні душы, апісваючы скруху, пачуццё нуды па бацькаўшчыне, якое зведваецца, калі чалавек знаходзіцца ў сваім звычайным месцы пражывання, але адчувае моцныя негатыўныя змены ў навакольным асяроддзі, якія робяць гэтае месца чужым і нязвыклым. Само існаванне такога тэрміна бязлітасна агаляе нашу адчужанасць ад гэтай планеты. Боль сучаснага жыцця, пакладзены на музыку, аказваецца малаверагоднай крыніцай суцяшэння. Выбудоўваючы свае маналітныя гукавыя ландшафты з цярпеннем, напругай і мэтанакіраванасцю, рэліз яркае сведчанне жанру, нагадваючы нам, што цяжар — гэта не толькі дысторшн ці хуткасць… гэта і атмасфера эмацыйнай напругі. Для тых, хто гатовы паддацца яго павольнаму, мернаму напору, узнагарода будзе глыбокая… інтуітыўнае, катарсічнае перажыванне, якое адначасова спусташае і напаўняе. Альбом даказвае, што пост-метал — гэта эмацыйны працэс, высечаны ў дысторшні і цішыні, цяжару і стрыманасці.

Devilpriest — Where I Am the Chalice, Be Thou the Blood
Калі гаворка заходзіць пра польскую метал-сцэну, на розум прыходзіць некалькі гуртоў: Behemoth, Hate, Vader, Decapitated, Batushka. Ну, вы можаце дадаць яшчэ адзін да гэтага спісу. Гурт Devilpries, утвораны ў 2015 годзе ў Сілезіі, Польшча, нарадзіўся з саюза ветэранаў экстрэмальнага металу Тома Херміса (гітары/вакал; Deus Mortem, Imperator ) і Некра Дакрэ (ударныя; Anima Damnata, Mord, Witchmaster). Альбом выйшаў у поўным узбраенні, з бязлітасным нападам блэк-дэт-міксаў, якія спалучаюць у сабе імклівыя рыфы, хаатычныя змены тэмпу і акультную атмасферу ў духу піянераў пачатку 90-х, такіх як Morbid Angel, Behemoth і Immolation.

Amenspear — All My Gods Are Dying
Amenspear — праект аднаго чалавека з Нью-Ёрка, прагрэсіўны блэк-метал, але ўключае ў сябе разнастайныя ўплывы прагрэсіўнага і альтэрнатыўнага рока. Так шмат зараз метала, які людзі робяць у адзіночку. З самага пачатку даносяцца цяжкія рыфы і цвёрды вакал. Тут няма сцяны гуку, якая звычайна суправаджае гэты жанр, аднак у музыцы ёсць крыху аматарскай якасці, што надае ёй сырую вастрыню. Змрочныя настроі досыць хутка ўкараняюцца, і калі гэта адбываецца, яны пакідаюць вас зусім абыякавымі, як і чыстыя вакальныя гармоніі. Падаецца, па меры развіцця кампазіцыі альбом становіцца яшчэ больш жудасным.

Дзяніс Леснік

Таксама чытайце:

Jessica Winter — My First Album
Bruce Springsteen — Tracks II: The Lost Albums
HAIM — I quit