Гарачыя наваколлі

Gogol Bordello — We Mean It, Man!
Выпуск альбома — гэта каласальнае намаганне. Прадзюсаванне, дыстрыбуцыя, афармленне, прэса і гэтак далей — уся лагістычная нагрузка хутка паглынае велізарную колькасць часу, грошай і энергіі. І гэта яшчэ да таго, як вы ўлічыце складаную мэту стварэння сапраўды добрай музыкі. Але затое, у выніку можа атрымаецца не нейкі вадзяністы суп з слоіка, а смажаніна, як гатавала бабуля, з апетытнымі кавалкамі бульбы і ялавічыны, якія плаваюць у цягучым булёне, за які можна забіць. Даўнія прыхільнікі могуць панаракаць на адсутнасць той чароўнай нядбайнасці, якая калісьці была адной з іх адметных рыс Gogol Bordello. Раней музыкі прыцягвалі да супрацоўніцтва прадзюсараў, такіх як Рык Рубін і Стыў Альбіні, што аддавала водгаласы поп-прывабнасці, зараз падкарэктавалі вектар, бо ў цяжкія часы патрэбна жорсткая музыка. Тут GB гучаць так, нібы працуюць на больш высокім узроўні і гэта гучанне гурта, які набраў мышачную масу і стаў па-сапраўднаму баявым. Аўтары не марнатравяць акардэонам, змяншаюць колькасць жывапісных фальклорных матываў, замест гэтага перад намі разгортваецца серыя вывастраных, магутных песень. Магутныя прыпевы, зруйнавальныя рыфы — калі яны кажуць, што вайна хутка скончыцца і Украіна атрымае ў ёй перамогу, яны сапраўды не жартуюць і не хлусяць.

Night of the Vampire – The Enchanting Winds
Такія гурты, як Old Nick, Night of the Vampire і Ordo Vampyr Orientus, сталі жаданай несур’ёзнасцю, адкінуўшы суворасць, прыняўшы ўласцівую блэк-металу недарэчнасць і дадаўшы крыху кітчу, не скочваючыся пры гэтым у поўную самапародыю. Думаю танцавальны, вясёлы блэк-дарквейв-гібрыд зможа цудоўна недарэчна вытрымаць усебаковую крытыку. Песні пабудаваныя амаль выключна вакол адной сінтэзатарнай лініі па-над простымі скажонымі гітарамі, класічнымі барабаннымі партыямі 80-х і завяршаюцца блэкавым хрыплым гучаннем. Асноўная ідэя «блэк-метал сустракаецца з сінтэзатарамі 80-х» — эфектыўная, займальная і часта выходзіць за межы простай прапановы, нават калі прамалінейнасць песеннага стылю часам зніжае маё задавальненне. Я зьмяшчу Night of the Vampire у адзін шэраг з лепшымі альбомамі году за «культурны кітч».

The Molotovs — Wasted on Youth
Спроба сур’ёзнага адраджэння старой музыкі, адлюстроўвае глянцаваны дух брыт-попа і гэтым падобная на Blur, адначасова напаўняючы яго вострым, сучасным гучаннем. Хоць для пакалення бэбі-бумераў гэта можа здацца занадта знаёмым, дзёрзкі, працяты суперніцтвам паміж братамі і сёстрамі, стыль альбома Wasted On Youth, хутчэй за ўсё, прыйдзецца даспадобы прадстаўнікам пакалення Z, якія шукаюць свой уласны Oasis, а не мамчын і татаў.

Swords of Dis, Serpent Ascending, Ôros Kaù, Midnight Odyssey – From the Waters of Death – A retelling of the Epic of Gilgamesh
«Эпас пра Гільгамеша» — гэта старажытнае месапатамскае паэтычнае апавяданне, першая поўная версія якога датуецца прыблізна 1800 годам да нашай эры. У ім распавядаецца гісторыя цара Гільгамеша і яго ўзаемаадносін з багамі і іншымі міфічнымі пачварамі, кульмінацыяй якіх становіцца вандраванне ў пошуках сакрэту неўміручасці. Што можа быць лепш для ўспрымання гэтага багатага літаратурнага эпасу, чым яго інтэрпрэтацыя групай артыстаў, якая стаіць за альбомам From the Waters of Death? Гэтая калабарацыя, дзе кожны ўдзельнік уносіць свой вакальны ці інструментальны ўклад у некалькі песень, у тым ліку тых, якія ён напісаў сам і ў якіх сам грае вядучую ролю. Дзеючыя асобы: малавядомы блэк/дум-дуэт Swords of Dis, ветэран і эксперыментатар дэт-метала Serpent Ascending, змрочныя і цяжкія Ôros Kaù, летуценны эмбіент-блэк гурт Midnight Odyssey. Змрочныя, мінорныя трэмола-рэфрэны і мелодыі, натхнёныя блізкаўсходняй музыкай, падтрымліваюць метал.

Mandy, Indiana — Urgh
Музыка можа быць дзіўнай, незвычайнай, агрэсіўнай і напоўненай лютасцю, будучы глытком свежага паветра. У гэтым свеце поўна эксперыментальных і нойз-выканаўцаў, якія ахвяруюць якасцю запісу дзеля таго, каб быць дзіўнымі ці непадобнымі да іншых. Басавіты рытмічны шум, гутарковая гаворка, заразлівы, поўны варожасці вакал, напружаныя сінтэзатары, якія нарастаюць, ствараючы сірэнападобную дыстапічную сцяну танцавальнага тэхна, даючы перадых ад лютасці, перш чым зноў вярнуцца да смяротнасці — гэта не музыка для цела або мозгу, а музыка для хрыбетніка, засяроджаная на касцяным злучэнні, дзе розум сустракаецца з матэрыяй. Яна створана, каб кінуць вам выклік сваёй электрычнай энергіяй, каб прымусіць вас адчуць нешта новае, нешта па-новаму. Некаторым таксама можа здацца, што няўмольная дысананснасць занадта інтэнсіўная, каб поўнасцю засяродзіцца. Так, гэта таксама хаатычна і бязладна, але пры гэтым запамінаецца. Mandy, Indiana – Urgh не той альбом, які варта ігнараваць у 2026 годзе.

Velothian — Mythic Dawn
Вакал даволі просты ў плане выканання, але музыка выводзіць альбом на зусім іншы ўзровень. Velothian граюць змрочны з фальклорнымі ноткамі, эпічны/эфірны пост-блэк-метал, які ўдала спалучае ў сабе адхілены спакой і жорсткія тэкстуры. Рыфы тут узвышаюцца… кранальныя і магутныя, а мелодыя ўстойлівая. У музыцы пераплятаюцца элементы пост-метала, фольку і шугейзу, альбом валодае багатым, насычаным і нават маштабным гучаннем, дзякуючы фонавым элементам, уключаючы фартэпіяна, гарлавыя спевы, флейту, духавыя інструменты, аркестравую перкусію і шмат іншага. Музыкі чэрпалі натхненне з прыроды, навуковай фантастыкі і фэнтэзі, нягледзячы на багацце лясной атмасферы і летуценных песнапенняў, метал тут валодае прыемным, важкім імпульсам.

Zabus — Avoidance Moon
Avoidance Moon — урок эстэтычнага супрацьстаяння, падарожжа, дзе гатычны нуар змешваецца з уплывамі, запазычанымі з дэпрэсіўнага пост-панку які дагасае мэты. Стомлены арган, пранізлівыя гітары, ландшафт неапрацаваных перкусійных тэкстур. Джэрэмі Мур і яго сольны праект Zabus, а таксама гурты Bell Barrow, Gorazde і Zero Swann эксперыментуюць з жанрамі знутры, здабываючы іх сутнасць, каб стварыць сваю ўласную мову, імгненна вядомую як частка мастацкай ідэнтычнасці. Дыскамфорт, супраціў лёгкаму шляху, прапануюць захапляльны досвед, які ўзнагароджвае тых, хто адважваецца слухаць гэты шум.

Unmother — State Dependent Memory
Незалежны брытанскі андэграўндны блэк-метал праект, утвораны ў 2019 годзе, актыўна супрацьстаіць любым расісцкім, сексісцкім або фашысцкім ідэалогіям, адлюстроўвае ў люстэрку праблему дэгуманізацыі гарадскіх дыстопій, даследуе гарадскую ізаляцыю, унутраную дэзарыентацыю і маральны заняпад. Мы чуем свет, сфармаваны бетоннымі асяроддзямі і сацыяльнай эрозіяй, спалучаючы атмасферныя і эксперыментальныя элементы з традыцыйным блэк-металам. Калчаногія гукі былі настолькі яркімі, што іх можна было адчуць уласным целам. Будзьце асцярожныя, гэта быў па-сапраўднаму жудасны і палохаючы альбом, які апісвае грамадства з негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця, таталітарным кантролем, разбурэннем асобы.

Сongratulations — Join Hands
Малітва да падбадзёрлівых сінтэзатараў ранняй Мадоны з царквы поп-музыкі васьмідзесятых сукупляецца з рок-дэталямі і за хаатычнымі гітарнымі тонамі хаваецца зачатак ідэй, якія, магчыма, згубіліся паміж напісаннем і прадзюсаваннем.

Warp Rite — Of Blissful Strife
Усе песні пачынаюцца змрочнымі пост-панк-вайбамі, але ўвесь час змяняюцца металам, мабыць у гэтым фішка італьянскага праекту Warp Rite. Рыпанні і інструментальнае суправаджэнне ў стылі спід-метала цалкам прымальнай якасці, гурт таксама выдатна спраўляецца з блэк-металам, мелодыямі прагрэсіўнага року і пост-панкам, але калі ўсё гэта складаецца разам, узнікаюць сапраўдныя цяжкасці.

Kula Shaker — Wormslayer
Шматлікія гурты так пераканаўча і горача не ўзнаўляюць п’янлівую, казачную атмасферу псіхадэлічнага року 60-х, як ангельская Kula Shaker. Менавіта гэты настрой яны падкрэсліваюць у сваім прасякнутым пахамі альбоме Wormslayer. Лепшыя моманты — гэта кароткія, энергічныя песні, але занадта часта яны не могуць утрымацца ад таго, каб не стаць занадта прагрэсіўнымі і магчыма, у іх адсутнічаюць па-сапраўднаму запамінальныя мелодыі.

Varmia — lauks
Польскі блэк-метал гурт Varmia валодае неверагодна глыбокім хаатычным і агрэсіўным гучаннем, але таксама змяшчае элементы прагрэсіўнага, змены разнастайнасці вельмі тонкія і нюансаваныя. Калектыў цісне на педаль басу і трымае яе націснутай з лютасцю ад пачатку да канца. Таксама на альбоме ўвесь час чутны гул зараснікаў, поўны змрочнага, агіднага прадчування, прысутнічаюць элементы рытуалаў і катаванняў.

Sonic Area — And Shadow
And Shadow адчуваецца як тэхна, пакінутае сам-насам з памяшканнем у канцы вечарыны. Музыка пазбягае таннага ўздзеяння і імкнецца да чагосьці больш павольнага і трывалага, пераасэнсоўвае мову машын пачатку 90-х, ператвараючы яе ў нешта ціхае, не вельмі дакучлівае і глыбока сузіральнае — накшталт філасофскае тэхна. Лініі секвенсара задаюць асноўны парадокс — скульптурная электроніка, я б назваў гэта так. Кожны патэрн разглядаецца праз прызму створаных для працяглага праслухоўвання, фізічна ўстойлівых бітаў. Цішыня паміж гукамі становіцца структурным элементам. Акцэнты адхіляюцца на паўтона ад чаканняў, вакол малога барабана, сінтэзатарныя лініі кружацца, замест таго каб ісці ў прамую лінію. Рытмічныя намёкі, фрагменты матываў, павольныя гарманічныя зрухі ствараюць напружанне без празмернасцей. У выніку атрымліваецца ясны гіпноз з амаль архітэктурным пачуццём рытму.

Motljus — För evigt
Вакальныя крыкі страшэнна пакутлівыя, а музыка малюе пустынны пейзаж. Альбом уяўляе сабой інтраспектыўны, урбаністычны падыход да атмасфернага блэк-метала, заснаваны на паўсядзённым досведзе, а не на міфалогіі ці фальклоры, прапаноўваючы перспектыву на сучасны скандынаўскі метал. Ён ідэальна спалучае ў сабе смутак дэпрэсіі з холадам, драйвам і меланхоліяй. Эмацыйны цяжар песень падобны да вялізнага валуна, прывязанага да тваёй спіны, які з кожным крокам усё мацней апускае цябе спачатку ў ціхамірнасць і спакой, а затым у спусташэнне, разбурэнне, шкадаванне і гнеў. Узнікае пытанне: калі аптымізм, вера ці чаканне таго, што ўсё наладзіцца, знікаюць, што ад нас застаецца? Я аддаю перавагу іншай інтэрпрэтацыі змрочнасці, з-за якой прага да жыцця робіцца больш жорсткай, і ты ўздымаешся з падлогі і пачынаеш змагацца.

Tashi Dorji — Low Clouds Hang, this Land is on Fire
Пачуццё турботы ідзе за мелодыямі, нібы цень, які пераследвае іх, гатовы разбурыць зачараванне альбома эксперыментальнага гітарыста Ташы Дорджы. Асноўным чынам выкарыстоўваецца электрагітара, большая частка яе, здаецца, імкнецца да міру і спакою, якія існавалі б у адсутнасць вайны і гвалту. Тут гітара выступае ў ролі бальзаму, а не зброі. Моманты, калі ў мікс умешваецца фідбэк, гучаць вельмі кантралюема і вы амаль можаце ўявіць, як выканаўца неўзаметку рухае гітару, каб трымаць рэзанансныя частоты пад сваёй уладай.

Дзяніс Леснік

Таксама чытайце:

Mayhem – Liturgy of Death
Sleaford Mods — The Demise Of Planet X
Heterosexual Violence – Some People Have Too Much To Say