Сутарэнні на канцавоссі

Karg — Marodeur
Музычны стыль Karg — гэта лютая, істэрычная сумесь Atmospheric Black Metal і велізарнай колькасці Post Rock, з уплывамі ад Grunge, Shoegaze і Post Punk. Тэкстурна гурт заўсёды быў па больш меланхалічнаму баку жыцця: разбураныя адносіны, страчанае каханне, адчужэнне, злоўжыванне наркотыкамі, страты або думкі аб самагубстве і дэпрэсія. Marodeur настолькі эмацыйна зараджаны альбом, што падаецца, быццам ён доўжыцца некалькі дзён. У віры ёсць мелодыя, але яе ўвесь час вытоптвае вага велізарнай шумнай педалі. У выніку атрымліваецца захапляльны досвед праслухоўвання. Я заўсёды казаў, што цемра нясе ў сабе пэўны ўзровень прыгажосці і зачаравання.
Sarmat — Upgrade
У двух музычна амбіцыйных і канцэптуальных кампазіцыях Sarmat пашыраюць свае даследаванні меж джаза і экстрэмальнага металу. Што мяне ўражвае ў першую чаргу, дык гэта тое, наколькі шчыльная музыка тут. Маю на ўвазе, што яна нават непранікальная. Бубнач даволі майстэрскі, а трубы заціснуты паміж гуллівымі басовымі нотамі, фон густы ад напругі. Музыка раздзімаецца амаль да кропкі разрыву. Я б сказаў, што некаторыя крэшчэнда на піку амаль зрываюцца і плаўна пераходзяць у цёмныя, дысаніруючыя тоны. Рэзкі вакал кантрастуе з музыкай. Дысананс — вось што прыходзіць на розум у асноўным. Ён не прымяншае ні свабоднай структуры музыкі, ні ўзроўню іх музычнасці, паколькі я ўпэўнены, што гэта было зроблена наўмысна. Ну, магчыма, цяжка апісаць гэта як «музыку». Музыка — гэта мастацтва, і, як і любое мастацтва, яно ў вачах таго, хто глядзіць. Я рэкамендую Sarmat Upgrade тым, хто шукае нешта ўдалечыні ад пракладзеных дарог… а гэта даволі далёка нават ад бездаражы.
Insurrection — Exiled to Death
Магутны рэліз, які старанна балансуе паміж меладычным дэт-металам і металкорам, але часцей за ўсё ён аказваецца ў абдымках апошняга. Альбом напоўнены знаёмымі банальнымі мелодыямі, якія вы звыклі чакаць ад металкора, але з правільнай колькасцю грува і цяжару, каб усё было цікава і ўтрымлівала матэрыял на ўзроўні інтэнсіўнасці дэт-метала. Агулам вясёлае, энергічнае падарожжа праз хрумсткія рыфы, брэйкдаўны і меладычныя хукі, якія спадабаюцца прыхільнікам абодвух жанраў.
Alzhagoth — Ad Finem
Прысвяціўшы сябе паганскаму дэт-метал-культу Alzhagoth, удзельнікі адмовіліся ад сваіх ранейшых жыццяў і гуртоў у 2019 годзе, каб цалкам прысвяціць сябе перадачы пасланняў пра сваё вераванне. Аб’яднаныя натхненнем, атрыманым з плоці і крыві, яны кожную ноч уздымаюць у Падуі свае кубкі ў гонар бога Alzhagoth. Спалучаючы меладычныя рытмы з арпеджыа і гарманізацыяй, ствараюць адначасова магутны і зруйнавальны гук, арыгінальны, нават унікальны, паганскі люты і захапляльны дэт-метал, па-майстэрску ўзмоцнены сімфанічнымі элементамі.
Thlipsis — Servants of Apathy
Як лічыце, ці павінна музычнае выданне прытрымлівацца якіх-небудзь палітычных ці рэлігійных поглядаў? Вядома ж — мусіць, думаю я. Як і ў аўтараў музыкі яны вядома ёсць, але дазвольце мне быць вельмі ясным, Я, як рэцэнзент, магу толькі рэцэнзаваць, маё асабістае меркаванне можа быць выказана (па маім жаданні), а можа быць і вынесена за дужкі, таксама не супадаць ці супадаць з меркаваннем тых пра каго я пішу. У дадзеным выпадку, проста жадаецца, каб вы ведалі аб існаванні такога гурта як Thlipsis.
Але вось вам анатацыя на EP ад удзельнікаў гурта: Гэты EP прысвечаны дужанню палестынскага народа, які, нягледзячы на дзесяцігоддзі сталага перасоўвання, збяднення, генацыду і ваенных злачынстваў, працягвае марыць пра волю і незалежнасць… тысячам нявінных жанчын, дзяцей і бяззбройных мужчын Газы і на Заходнім беразе.)
Ад сябе дадам. Метал шмат у чым правакуе, але ў музыцы грэкаў сапраўды ззяе спадчына блэк-метала 90-х трэш-метала 80-х гадоў, як Kreator, Nuclear Assault і іншых.
SVNTH — Pink Noise Youth
Дзякуючы разнастайнаму досведу музычных уплываў і мастацкіх натхненняў, SVNTH (пішацца загалоўнымі літарамі і вымаўляецца як «Сёмы» па-ангельску) з Рыма, Італія, на працягу шматлікіх гадоў фармаваў унікальную раўнавагу гукаў, праходзячы праз велізарную разнастайнасць кірункаў у палітры сучаснай альтэрнатывы жыццёвых сцэнарыяў і экзістэнцыйных пытанняў. Пашыраючы энергію блэка і пост-метала за мяккія і сузіральныя межы шугейзу, арт-попа і кінематаграфічнага пост-рока, гэты новы поўнафарматны альбом дэманструе працяглую эвалюцыю, абяцае захапіць слухачоў у згуртаванае падарожжа па старанна прадуманай працы. Гора сілкуе бунт, боль і стойкасць непадзельныя, кожная песня адчуваецца як бітва паміж разбурэннем і адкупленнем, карацей кажучы: усё наўрад ці будзе добра, але барацьба чагосьці вартая – такі пасыл.
7th Guild — Triumviro
Эвалюцыя металу прайшла міма The 7th Guild, і яны гучаць так, як многія італьянскія гурты Power Metal у дзевяностых. Што мяне бясконца радуе, дык гэта тое, што ў шэрагу песень італьянскі тэкст, з ім, раптоўна, музыка і вакал сталі спалучацца значна больш натуральна, з’явілася значна мацнейшая згуртаванасць. Вось бы больш калектываў усвядомілі той факт, што з роднай мовы значна прасцей правільна пераносіць свае эмоцыі з паперы на гукавы носьбіт. Што тычыцца музыкі, то з песнямі ўсё добра. Як я ўжо сказаў, гучыць так, быццам усё гэта ўжо было. Але гэта не значыць, што The 7th Guild не атрымалі поспех у Triumviro. Наадварот, калі вы вялікі прыхільнік італьянскага паўэр-метала з эпічнымі і сімфанічнымі ўплывамі, вам не трэба думаць двойчы, калі вы з тых, хто не можа насыціцца такой музыкай, вам абавязкова спадабаецца гэты дэбютны альбом.
Mandrake Handshake — Earth-Sized Worlds
Складана паддаецца катэгарызацыі і гэта кажа ў карысць Earth-Sized Worlds, які складаецца з цяжкаўлоўных гукаў, якія ўключаюць элементы джаза, псіхадэлічнага року, адкрытай мігатлівай гітары, тунэльнай электронікі, арт-попа, панурага, атмасфернага пост-панку, мазаічнага вакалу і соўла канца 60-х, якія накладаюцца адзін на аднаго ў яркім фрактальным гукавым струмені. Вынік — казачна недысцыплінаваная справа.
Jethro Tull — Curious Ruminant
Сумесь прагрэсіўных, неакласічных і фольк-уплываў з флейтай Андэрсана — 24-ы студыйны альбом Tull з дзіўнай назвай не адчыняе новых гарызонтаў, доўгія пасажы салодкагучнай гульні на флейце ў асноўным не маюць фокусу. Глупства.
Whatever the Weather — Whatever The Weather II
Вяртаючыся да свайго альтэр эга Whatever the Weather, Ларэйн Джэймс зноў даследуе больш эмбіентны, тэкстурны бок. Галоўным чынам выкарыстоўваючы аналагавае абсталяванне і палявыя запісы, яна стварае святлівыя меладычныя завесы і далікатныя глюкі, першапачаткова ўлоўліваючы адчуванне зімовага сонца, інтраспектыўная і асабістая, яшчэ адна магутная экспрэсіўная праца. Апошні альбом часта выкарыстоўваў эмбіент як браму ў больш непрадказальныя зоны, на новым гэта маяк саманавядзення.
Mysteria Noctis — Vespro
Вы павінны навучыцца прымаць добрае разам з незвычайным. Пяць музыкаў прапануюць віртуозны і меладычны прагрэсіўны рок, моцна натхнёны металам і працяты класічнай і джазавай музыкай, каб стварыць сучасны і эклектычны стыль, натхнёны вялікімі музычнымі дзесяцігоддзямі 70-х-80-х.
Steven Wilson — The Overview
Нагадвае кар’еру Ўілсана, убачаную зверху — сінтэз усёй яго творчай дугі: ад спейс-рока Porcupine Tree да арт-поп-адхіленняў і зваротна, у новым абліччы. Тэксты песень ахопліваюць рэальнасць жыцця, ад паходаў па магазінах да больш грандыёзных бачанняў. Але нічога страшэннага няма, хоць інструменталы часам апускаюцца ў складаныя прагрэсіі, яны ніколі не дасягаюць магутнай кульмінацыі.
Throwing Muses — Moonlight Concessions
Гэта іх адзінаццаты альбом, ён, зямлісты, прасякнуты збожжам амерыканскі фольк-рок і жудаснаваты нуар-кантры па тоне, гучыць так, быццам Херш глыбока апускаецца ў паўднёвую глебу. Moonlight Concessions стварае цёмную, цяжкі атмасферу, падобную на сесію MTV Unplugged.
Circuit des Yeux — Halo On The Inside
Halo On The Inside — рэзкая, часта выклікае клаўстрафобію пласцінка, запісаная ў асноўным ноччу ў сутарэннай студыі. Дзіўна багаты чатырохактавы вакал Хэйлі Фор стаў воссю, вакол якой прадзюсар Эндру Бродэр сплёў цёмную, эмбіентную, дэградаваную басовую музыку і індустрыяльны сінтэзатарны поп. Halo on the Inside даследуе эстэтычныя канцавоссі — шумнае і прыглушанае, драматычнае і стрыманае, напружанае і катарсічнае. Праца, уключаючы ўнікальны голас, выклікае ва ўяўленні вялікія эпасы, метамарфозы, пра якія шапталіся і спявалі старажытныя людзі.
Courting — Lust For Life, Or: ‘How To Thread The Needle And Come Out The Other Side To Tell The Story’
Гэты альбом Courting уяўляе сабой інды-музыку для прыхільнікаў поп-музыкі і поп-музыку для прыхільнікаў інды-музыкі — тут хопіць месца кожнаму.
Дзяніс Леснік
Таксама чытайце:
Iggy Pop — Live At Montreux Jazz Festival 2023
The Horrors — Night Life
SASAMI — Blood On The Silver Screen
