Сутарэнне марнага гвалту і вясёлага жыцця

Foo Fighters — Your Favorite Toy
Парадаксальнае астуджэнне маёй цікавасці ці зацікаўленасці, калісьці гэты гурт мне падабаўся, але пасля Medicine at Midnight (2021) так перастаў падабацца, што нават старыя хіты ўжо не чапляюць і нават не бударажаць струны настальгіі. Сам сабе дзіўлюся, здавалася б, Грол па-ранейшаму здольны парушаць уласную формулу, таму, што альбом Your Favorite Toy можа быць рэзкім і з’едлівым, часам ён бывае адкрыта змрочным і песімістычным, палітычна афарбаваным, але ў канчатковым выніку, абгрунтоўваецца ў бяспечным, а часам і сумным гуку. Новая музыка ні ў якім разе не з’яўляецца адкрыта дрэннай, але і натхнёнай яе далёка не назавеш, гэта шаблонныя Foo Fighters, якіх вы можаце пачуць, чакаючы «Everlong» у канцы вечара. Сітуацыю пагаршае яшчэ і той факт, што Грол па-ранейшаму застаецца прыкра сумным, калі не сказаць нявельмі добрым, аўтарам тэкстаў.
Avertat — Dead End Life
Людзі… яны кахаюць, спадзяюцца і мараць, забіваюць, разбураюць і вядуць войны. І я не магу зразумець чалавека, які адчувае сябе больш жывым, калі сядзіць за кампутарам і не кантактуе з хоць і жахлівым навакольным светам, таму што адначасова ўсведамляю ізаляцыю, якую гэта можа прынесці. Гэта палка аб двух канцах, абодвабакова вострае пытанне, дылема, як і многія выбары, якія нам даводзіцца рабіць у жыцці. Выбары, якія засмучаюць. Знясільваючыя выбары, пра якія, не марнуючы час дарма, нам вяшчае Avertat праз свае змрочныя, прасякнутыя пачуццём страты жыцця кампазіцыі. Увесь альбом Dead End Life уяўляе сабой чарговую порцыю прамалінейных журботных песень, адна з іх пра вайну, расказаная вачыма вайны, дорыць праніклівыя ўражанні, напоўненыя эмацыйным і музычным цяжарам, які ўзмацняецца дзякуючы вакальным пераклічкам. «Your Hate» задае тон: яе магутныя, гнеўныя рыфы, вострыя як брытва сола і энергічныя барабанныя рытмы выкарыстоўваюцца для апавядання гісторыі дзіцяці, якое падвергнулася гвалту і вырасла, каб клапаціцца аб сваім жорсткім бацьку. Адзін боль змяняецца іншым, калі выдатнае фартэпіяннае ўступленне знаёміць нас з хваравітай гісторыяй Марыяны Бахмаер, змрочныя акорды і меладычныя сола служаць фонам гісторыі пра маці, якая застрэліла падазраванага ў гвалце над яе дачкой. Гэты дум і меладычны дэт не такі жудасны як тэмы альбома.
Tori Amos — In Times of Dragons
Яе песні, выкананыя пад акампанемент фартэпіяна, не гледзячы на алегарычны лірызм, наўпрост закраналі абмежаванні і супярэчнасці жаноцкасці, запраўляючы іх з’едлівым гумарам, хуткаспелай мудрасцю і фантастычнымі для яе і фартэпіяна гукавымі элементамі. Насычаны, паэтычны альбом In Times Of Dragons працягвае гэтую традыцыю. Як і ў шматлікіх позніх альбомах Tori Amos, яе тэксты могуць быць адкрыта літаральнымі, з дасылкамі да «дэмакратыі», «свабодзе слова», але, гэта я звязваю з узростам.
Ordh — Blind in Abyssal Remains
Цяжкая атмасфера, навукова-фантастычныя тэксты і псіхадэлічныя інструменты — галоўныя прыкметы таго, што вы слухаеце касмічны дэт-метал, жанр, які неверагодна набраў папулярнасць пасля Blood Incantation. Ordh шмат у чым абапіраюцца як на тэхнічнасць, так і на пышнае покрыва чыстага псіхадэлічнага змроку, і часта пераймаюць элементы прагрэсіўнага металу, каб узмацніць сваё тагасветнае гучанне. Што робіць Blind in Abyssal Realms па-сапраўднаму запамінальным, дык гэта баланс атмасферы і імгненна запамінальных рыфаў.
Miss Grit — Under my Umbrella
Горка-салодкая электроніка ўбірае канцэпцыі і непасрэднасць поп-музыкі з ледзь улоўнымі недахопамі, і мы маем механічны, цвёрды гітарны сінтыпоп з элементамі тэхна, які адначасова паднімае настрой і можа яго апусціць.
At The Gates — The Ghost of a Future Dead
Многія прыхільнікі металу зацыкліліся на пэўным гучанні і чакаюць таго ж самага ад усіх будучых альбомаў, так можна сказаць пра выканаўцаў многіх паджанраў, у тым ліку і пра «вялікую чацвёрку» меладычнага дэт-метала (in flames, dark tranquility, arch enemy і at the gates) калі нешта працуе, не трэба змяняць анічога. Даўнія слухачы, безумоўна, ацэняць такую прыхільнасць да прастаты, таму ніхто з гэтай чацвёркі мне і не падабаецца. Але буду аб’ектыўны, бо што яшчэ трэба было рабіць, калі ты адзін з самых уплывовых гуртоў у сваім стылі і даведваешся пра хваробу вакаліста. Аднак, праслухаўшы альбом, вы б і не здагадаліся, што фронтмэн прайграваў апошні бой раку, паколькі Ліндберг тут быў у выдатнай форме. Той факт, што ён выканаў усе свае партыі за адзін дзень і ў асноўным за адзін дубль за дзень да аперацыі, яшчэ да таго, як яго калегі па at the gates пачалі штосьці запісваць, проста ўражвае, бо гэта зусім не падобна на праўду.
Modern Woman — Johnny’s Dreamworld
Лонданскі арт-рок-гурт Modern Woman нарэшце выканаў сваю місію па змешванні шуму і мелодыі, выпусціўшы дэбютны альбом Johnny’s Dreamworld. Гэта зборнік песень сапраўды грандыёзнага маштабу, у якім унікальнае спалучэнне тэатральнага інды-фолка, пост-панк-арт-рока і паў-рок-оперы ператвараецца ў зусім новую дынамічную авангардную форму мастацтва з яркімі вынікамі.
Anubis — Anthromorphicide
Паўэр-трэш дастаткова нішавы жанр, таму новым гуртам цяжка пазбегнуць параўнанняў з яго заснавальнікамі (у прыватнасці, з Iced Earth). Anthromorphicide мае шмат уплываў і крыніц натхнення, але Anubis выходзяць за рамкі простага пераймання. Замест гэтага яны перапрацоўваюць дзясяткі калектываў, каб стварыць свайго роду любоўнае пасланне, ліст зліццю паўэр-метала і трэшу: Helloween, Kreator, Iced Earth, Destruction, Avantasia, Blind Guardian. Нягледзячы на ўсе гэтыя па-майстэрску пераплеценыя дасылкі, у Anubis атрымоўваецца стварыць займальны твор, у якім знаёмыя элементы арганічна ўплятаюцца ў арыгінальную і разнастайную калекцыю песень. Кожны трэк валодае сваёй асноўнай індывідуальнасцю і значна больш засяроджаны на перадачы момантаў, калі ўзнікаюць пачуцці і адчуванні. Калі музыкам пашчасціць захаваць тое, што працуе, гэта дасць Anubis трывалую аснову для далейшага развіцця. А занясучы некалькі невялікіх змен, у свой паўэр-трэш, яны змогуць пераламаць сітуацыю і выпусціць альбом, які стане бясспрэчным трыўмфам у жанры.
Jessie Ware — Superbloom
Хоць па гучанні гэты альбом падобны на два яе папярэдніх, Superbloom заслугоўвае асобнай увагі, будучы, калі хочаце, крыху больш адкрытым. У цэлым, вырабляе ўражанне чагосьці злёгку засмучанага, нібы створанага на аснове ўласнага поспеху. Тым не менш, Jessie Ware працягвае свой шлях да таго, каб стаць сучаснай легендай соўл-попа.
Foetorem — Incongruous Forms of Evergrowing Rot
Foetorem спецыялізуюцца на среднетемпавым рытмічным цудоўным і энергічным дэт-метале, які хаатычна перарываецца запавольным і асвяжальным думам. Бласт-рытмы сустракаюцца паўсюдна, але звычайна выкарыстоўваюцца ў якасці пераходных момантаў уступаў ці завяршэнняў. Увогуле, тут, тут класны дэт-дум.
Melanie Martinez — Hades
Знясільваюча доўгі альбом з 18 трэкаў, асэнсоўвае тэхналогіі і лічбавую эпоху. Нязграбная, прагрэсіўная поп-музыка апраўляе фарфоравы вакал мігатлівымі, насычанымі рэверберацыямі, гітарамі і сінтэзатарамі, перкусіяй, якая нагадвае бітае шкло, і аркестравымі струннымі, часам гук быццам з альтэрнатыўнага року канца 80-х і пачатку 90-х.
Aversio Humanitatis – To Become the Endless Static
Падобна хаду невылечнай хваробы, Endless Static не чакае, пакуль вы будзеце гатовыя, перш чым атакаваць. Гітары вытрыманыя ў трэшавым стылі, але гэта сапраўдны дэт-метал і блэк-метал. Брудны, чорны і прасякнуты крывёй. Прагрэсавальнае разбурэнне мозгу, якое выклікае дэменцыя, само па сабе дастаткова цяжка пераносіць, а як пераносіць песню аб тым, што гэты мозг можа быць тваім? Рытмы мяняюцца часта, а незвычайныя тэкстуры, якія аўтары выяўляюць падчас запісаў, становяцца з кожным разам больш шумнымі. Напрыклад, ствараюцца скажэнні шляхам накладання пакутлівых рыкаў і бурлівых рыфаў, рэзкія пералівы дысанансных гам, дрыготкія, шматслаёвыя крыкі, паўтаральныя ўсплёскі і паслабленні перкусіі, рытмічныя і рыфавыя патэрны якія дэзарыентуюць — усё гэта адначасова трывожыць і зачароўвае. Такі гук дадае злой інтрыгі гэтым цудоўным, але сумным песням, ствараючы ўдумлівую — часам задуменную — атмасферу, цяжкую, але ў той жа час вельмі прыемную для асалоды з пункту гледжання цяжкай музыкі. Гэты гіпнатычна жахлівы твор рэзка зацягне вас у сваю цемру, працягваючы лінію рытмічнай шумавой мантры.
The Orielles — Only You Left
Як добра, што тут жаночы вакал ідзе па нестандартнай спіралі готыкі, шугейзу і пост-панку. На мой погляд, мужчынскі б зусім не пайшоў. Многія песні здаюцца амаль імправізацыяй і пабудаваны на прынцыпе інтрыгі, у асноўным яны знаходзяцца ў спакойнай імзе, перш чым раптам здзівіць вас воплескамі энергіі. У гэтым выпадку ўсё больш падобна на паэтапны разлік, чым на натуральную эвалюцыю.
Worm — Necropalace
На гэты раз пачуццё экзістэнцыйнага жаху не забівае душу. Гучыць дзіўна на паперы, але на практыцы працуе — дум-дэт сапраўды можа быць вясёлым. Worm гэта даказалі, прыўнясучы ў жудасны, злавесны, пячорны дум-дэт для сваіх слухачоў на альбоме Necropalace, кітчавую і кінематаграфічную атамасферу.
Walter Verdin and Various Artists: Minimalize Your Reworks
Рэмікс-альбомы могуць быць стомнымі, у лепшым выпадку адцягваюць увагу, а пасля таго, як першапачатковы эфект праходзіць, хутка забываюцца. Магчыма, справа ў адсутнасці цэнтральнай ніткі: розныя версіі чагосьці, як правіла, затуманьваюць сэнс арыгінала. Вядома, я не магу ўспомніць шмат рэмікс-альбомаў, якія б мне запомніліся. У The Horrors, хіба што, магу параіць паслухаць Higher. А гэты альбом, памяць аб якім назаўжды застанецца ў гэтым свеце, але толькі ў яго стваральнікаў. Дасціпная, вядома, але часта не бліскучая перапрацоўка адной кампазіцыі легендарнага бельгійскага авангарднага трэш-метал-выканаўцы Вальтэра Вердзіна, такімі артыстамі, як: Jlin, The Hafler Trio, Legowelt і DJ Marcelle.
Дзяніс Леснік
Таксама чытайце:
U2 — Easter Lily EP
Angine de Poitrine — Volume II
Gorillaz — The Mountain
